Waze па-беларуску

Waze — першы навігацыйны дадатак з беларускім інтэрфейсам і беларускімі галасавымі падказкамі. Здарылася гэта не раптоўна, а дзякуючы актыўным вэйзерам з Беларусі. Як гэта адбывалася, чытайце далей.

Год 2018

К гэтаму часу Waze упэўнена размаўляе па-расейску і мае амаль што ідэальны рускі ў інтэрфейсе. Але ж у калекцыі відавочна незаслугова не хапала адной славянскай мовы. Улічваючы, што вэйзеры Беларусі не толькі вельмі актыўна развіваюць карту Waze ў наш час, але і з’яўляюцца фактычна піянерамі вэйзерамі на прасторах былога СССР. І вось дзякуючы намаганням прадстаўнікоў актыўнай мясцовай грамады, цяпер любы карыстальнік можа падарожнічаць па-беларуску.

Беларускі голас «Уладзімір»

Асобны дзякуй нашым адданым вэйзерам: Bobr16_by, Valodzya, Olestas, vozhyk, ixxvivxxi, Alexash, Sergey.A.Kuznetsov, AlexanderKot, AlvenM, Fatty_BY, Rikifromgomel, Rohierd, Rotanov, Ryabtsev, V_Rak, Valodzya, Yaraslau, borisych_brest, trush, vinkoy, yurasik2000

Куратарам беларускага перакладу з’яуляецца чалец нашай супольнасці, вэйзер Olestas. Таксама ён дапамог набраць каманду калег-лакалізатараў — усяго 15 чалавек! Пераклад здзейснілі менскія вэйзеры, а «загаварыў» Waze голасам вядомага радыёжурналіста Уладзіміра Трапянка. Большасць менчукоў ведаюць яго як «голас менскага метрапалітэна».

Уладзімір Трапенок, фота «Беларусь сегодня»

Год 2019

Час ішоў і дзеля паўнаты карціны мужчынскаму голасу ў Waze ўсё ж такі не хапала пары. Беларускамоўным вэйзерам выбіраць паміж «Уладзімірам» і «Уладзімірам» было недастаткова 🙂

Доўгачаканая «Вікторыя»

І вось, прыкладна праз дзесяць месяцаў, у Твітэры Waze з’явілася паведамленне пра тое, што да беларускага голасу «Ўладзімір», па добрай традыцыі, дадаўся і жаночы голас «Вікторыя». Цудоўна!

Вікторыя Грыб, фота з асабістай старонкі

Waze загаманіла з намі голасам Вікторыі Грыб. Нажаль, аўтару артыкула пакуль не атрымалася высвятліць дэталі, чаму менавіта гэтая дзяўчына стала зоркай беларускай Waze, але ж голас яе гучыць досыць прыемна і зразумела.

Жадаеце Waze на беларускай мове?

  1. Перайдзіце ў налады мовы Waze і абярыце Беларуская (магчыма, запатрабуецца, перазапусціць Waze).
  2. Далей, каб дадаць беларускі голас, перайдзіце ў налады Голас і гук і выберыце «Уладзімір» або «Вікторыя».
  3. Атрымлівайце асалоду ад роднай мовы.
Выбар беларускай мовы ў наладах Waze

У завяршэнне

У далёкім і не вельмі 2009 годзе на месцы Беларусі на карце Waze адсутнічалі нават трасы Е95 (М8) і Е30 (М1), якія звычайна малююць праз нас розныя такія сэрвісы, каб проста забяспечыць транзіт ці яго падабенства праз краіну. И як жа прыемна глядзець, як развіваецца Waze у краіне і вакол, як з’яўляюцца новыя энтузіясты і прыўносяць штосьці новае і трымаюць Waze ў тонусе, як калісьці мы — дзядкі 🙂 Дарэчы гэты сайт пачаў сваё існаванне якраз на старце развіцця Waze на нашых абшарах.

Хоць і даводзіцца часам чакаць па дзесяць гадоў, пакуль Waze ўключыць і для нас якую-небудзь фішачку, аднак калі проста чакаць, то можна і не дачакацца ўвогуле. Таму няхай энтузіязм, энергія і армія нашых вэйзераў не вычэрпваюцца, свет становіцца прыгажэйшым, а карта Беларусі ў Waze больш дэталёвай.

Жыве Waze!